«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…»

19:44, 17 Август 2013

672


Культура

У сонечны летні дзень – 16 жніўня — Лідская зямля прымала гасцей са ўсёй краіны. Шчырыя і гасцінныя жыхары нашай вобласці прадэманстравалі свае таленты на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”.

На працягу дня Лідскі раённы палац культуры поўніўся атмасферай свята. Бацькі і дзеці, школьнікі і пенсіянеры – усе цікаўныя лідчане і госці горада сабраліся, каб адчуць сувязь з продкамі і падзівіцца на працы адораных і працавітых землякоў.

1

2

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства распачалося вясёлымі музычнымі нумарамі. Іх выконвалі выхаванцы мастацкіх калектываў Лідскага раённага палаца культуры — народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” і ўзорны ансамбль танца “Сонейка”. Акцёры, якія забаўлялі публіку і сустракалі гасцей, увасаблялі галоўныя рысы беларусаў – працавітасць, гасціннасць, адкрытасць, павагу да мінулага. Гэта даводзілі і іх гаваркія імёны: Каравайніца і Жартаўнік, Захавальніца і Майстар.

3

4

Гасцей і удзельнікаў фестывалю прывітала галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь  Людзміла Іосіфаўна Лебедзь . Яна адзначыла, што сярод вялікай колькасці святаў, самымі прыгожымі з’яўляюцца святы народнай творчасці. У нашай гісторыі зашыфравана маральнасць беларусаў, таму такія дні даюць магчымасць наталіцца багаццем любай зямлі.

Наступным слова ўзяў намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Антон Тадэўшавіч Глаўніцкі. Важнасць і неабходнасць мерапрыемстваў такой тэматыкі падцвердзіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі:

—         Наша Радзіма знаходзіцца побач з краінамі, прагнымі да ўлады. Мы не раз падвяргаліся палітычнай і эканамічнай агрэсіі, але збераглі самабытную культуру. Яна жывіла і будзе жывіць яшчэ не адно пакаленне беларусаў. У нас ёсць унікальныя прыклады матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Ды галоўнай каштоўнасцю беларускай зямлі застаюцца людзі. І сёння нам пашчасціла сустрэцца з асаблівай праслойкай грамадства, якая перадае праз свае вырабы лепшыя набыткі усёй эпохі.

5

За прывітальнымі словамі ішлі прадстаўленні ганаровых гасцей фестывалю – дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раісы Іосіфаўны Вайцяхоўскай, дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Ірыны Дзмітрыеўны Дземячук, дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” Святланы Валянцінаўны Коржук і іншых.

Пасля адкрыцця удзельнікі свята наведалі выстаўку-прэзінтацыю “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны”. На ёй можна было пакаштаваць як беларускія нацыянальныя прысмакі розных мясцовасцей , так і татарскія стравы з Іўеўскага краю. Члены журы ставілі адзнакі, а госці з задавальненнем частваліся лепшымі ласункамі, прыгатаванымі па рэцэпту мінулых пакаленняў. Лідчане сталі сведкамі сапраўднага рытуалу – выпекання хлеба , які суправаджаўся спевамі і звяртаннем да народных абрадаў.

У гэты час у фае Лідскага раённага палаца культуры душэўныя песні выконвалі гурты  “Вяргіня” і “Скарбоначка” Шчучынскага раёна. Здавалася, ўсе прысутныя перанесліся на некальскі стагодзяў таму і апынуліся зусім у іншым часе.

6

8

9

10

Сваімі ўражаннямі ад фестывалю падзялілася яго удзельніца Антаніна Лук’янаўна Юрчэня, якая прадэманстравала гасцям майстэрства роспісу велікодных яек:

—         Такія мерапрыемствы – гэта зварот у мінулае. Яны патрэбны ў першую чаргу маладому пакаленню. Таму што усё новае – добра забытае старое. Мне вельмі прыемна, што моладзь, асабліва дзяўчаты, праяўляюць цікавасць да тэхнікі роспісу яек. Гэта нялёгкая, але творчая і прыгожая справа. Каб распісаць дзесяць яек, трэба прысвяціць працы паўдня. Ды калі ўкладаеш ў гэты працэс душу – час ляціць незаўважна.

17

11

12

13

На працягу дня цікаўныя госці наведвалі майстар-класы, спектаклі, анімацыйныя праграмы. Пасля абеда у палацы культуры быў арганізаваны круглы стол на тэму захавання і папулярызацыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры на Гродзеншчыне.  Не застаўся ў баку і Лідскі замак – гонар нашага горада. Тут гледачы сталі удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення “Вяселле Ягайлы”.      Пад заслону вечара на канцэртнай пляцоўцы творчыя калектывы Лідчыны і Літвы падаравалі святочную праграму “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”.

14

16

Гэты жнівеньскі дзень стаў вельмі насычаным і яркім. Здавалася, і надвор’е святкавала разам з намі – увесь дзень свяціла сонейка і прыемна па-летняму дзьмуў лёгкі ветрык. Госці горада з павагай адзначылі, што Лідчына – месца, дзе у хуткім тэмпе жывуць сучасныя гараджане,  але і захоўваецца непарыўная сувязь з продкамі.

Вікторыя КАВАЛЬЧУК


Отзывов пока нет

Оставить комментарий

Все поля обязательны для заполнения.

Вы можете использовать HTML теги:
<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>