Ён пайшоў у Асвенцым, каб ратаваць свой край

14:27, 28 Июнь 2011

1228


История города

29 чэрвеня а 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрыецца дакументальная выстава, прысвечаная нацыянальнаму герою Польшчы, аднаму з заснавальнікаў антынацысцкага падполля Вітольду Пілецкаму. У межах выставы адбудзецца і прэзентацыя кнігі Яцэка Паўловіча «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901–1948».

Ротмістр Вітольд Пілецкі

Дзякуючы Польскаму Інстытуту ў Мінску, які выступіў арганізатарам імпрэзы, чытачы TUT.BY атрымалі магчымасць першымі падрабязна даведацца пра гераічны лёс гэтага незвычайнага чалавека, род якога паходзіў з Беларусі і пра якога ў нас амаль нічога невядома.

 

Дзед-паўстанец

Вітольд Пілецкі нарадзіўся 13 траўня 1901 года ў горадзе Аланец на поўначы Расіі. Ён быў прадстаўніком пакалення, якое жыло пад уладай чужынцаў і для якога самым вялікім імкненнем было атрыманне Польшчай незалежнасці. “Бог — гонар — Бацькаўшчына” — заклік паўстанцаў і адначасова жыццёвы арыенцір для іх наступнікаў.

Малой радзімай Пілецкіх была Навагрудчына. За ўдзел у паўстанні 1863 года царскія ўлады канфіскавалі ў дзядулі Вітольда Юзафа Пілецкага амаль усе землі, якія належалі сям’і. Пілецкія былі вымушаны з’ехаць углыб Расіі.

Маёнтак Пілецкіх Сукурча

Маёнтак Пілецкіх Сукурча

Бацька Вітольда Юліян, выпускнік Ляснога інстытута ў Пецярбургу, заняў пасаду ляснічага ў Карэліі. Ён пасяліўся ў Аланцы, дзе пазнаёміўся і ажаніўся з Людвікай Асецімскай. Там і нарадзіўся Вітольд, які быў адным з пяці дзяцей Пілецкіх.

У Вільню ад русіфікацыі

У 1910 годзе, імкнучыся пазбегнуць русіфікацыі дзяцей, Пілецкія вырашылі пераехаць у Вільню. Аднак матэрыяльная сітуацыя змусіла галаву сямейства застацца ў Аланцы ды працягнуць працу старэйшым інспектарам ў Савеце дзяржаўных лясоў.

Маленькі гарцэр Вітольд Пілецк

Маленькі гарцэр Вітольд Пілецк

Вітольд пачаў вучыцца ў камерцыйным вучылішчы ў Вільні, дзе ў 1913 годзе далучыўся да падпольнай арганізацыі скаўтаў.

Пачатак Першай сусветнай вайны заспеў сям’ю Пілецкіх на адпачынку ў Друскеніках. Не маючы магчымасці дабрацца да Аланца, Людвіка Пілецка паехала да маці ў Гаўрылкаў на Магілёўшчыне, дзе дзеці працягнулі вучобу ў школах. Там Вітольд стварыў першы гарцэрскі атрад — польскі аналаг заакіянскай скаўцкай арганізацыі.

Нягледзячы на ваенныя дзеянні, сямейнае жыццё ішло ў спакоі да пачатку 1918-га, калі падбухтораныя бальшавіцкімі агітатарамі сяляне пачалі рабаваць зямельныя ўладанні і забіваць іх уласнікаў. Баючыся за жыццё дзяцей, Людвіка Пілецка выехала з дзецьмі ў Вільню. Аднак не маючы сродкаў на жыццё, пазней яна пераехала ў зруйнаваны маёнтак Сукурча, недалёка ад Ліды, які належаў яе цешчы Флавіі Пілецкай.

На шляху змагання

У акупаваную немцамі Вільню Вітольд Пілецкі вярнуўся восенню 1918 года, калі пачаў наведваць гімназію імя Яўхіма Лелявеля. Але час быў напружаны, ваенны. Вільня пераходзіла з рук у рукі: ад немцаў да саветаў, ад саветаў да літоўцаў…

Напрыканцы 1918-га Пілецкі кідае вучобу і разам з групай гарцэраў вярбуецца ў атрады Віленскай самаабароны, якія ў ноч на 1 студзеня 1919 перахапілі ўладу ў горадзе. Пілецкі ўдзельнічаў у барацьбе з дыверсійнымі камуністычнымі выступленнямі, а пасля абараняў Вільню ад бальшавіцкай арміі. У складзе Дывізіёна віленскай конніцы” (13 полк уланаў) Вітольд удзельнічаў амаль ва ўсіх важнейшых бітвах атрада з немцамі і бальшавікамі. Пазней пад камандаваннем генерала Люцыяна Жэлігоўскага адваёўваў Вільню і тэрыторыі, якія складуць дзяржаўнае ўтварэнне Сярэдняя Літва, якое потым увойдзе ў склад Польшчы.

20-гадовы Вітольд Пілецк

20-гадовы Вітольд Пілецк

Пасля заканчэння віленскай кампаніі, 1 студзеня 1921 года старшы ўлан Вітольд Пілецкі быў звольнены з войска. Здаўшы іспыт на атэстат сталасці, ён з вялікім імпэтам узяўся за аднаўленне ў Вільні гарцэрскай дзейнасці. Паралельна ўступіў у Саюз Бяспекі Дзяржавы, дзе прайшоў унтэр-афіцэрскі курс.

Прагны да асветы маладзён апроч роднай польскай валодаў французскай, нямецкай і рускай мовамі ды паступіў на факультэт выяўленчага мастацтва Ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя (Вільня) як асацыяваны слухач. Аднак недахоп сродкаў, цяжкая хвароба бацькі, абцяжаранасць даўгамі маёнтка Сукурча, у якім жылі бацькі разам з малодшымі дзецьмі, змусілі нашага героя адмовіцца ад вучобы і пайсці працаваць.

Спачатку ён зарабляў на пражыццё сакратаром Саюза аграрных кружкоў віленскай акругі, а пазней — сакратаром судовага следчага 2-ой акругі ў Вільні.

Чалавек-аркестр

Чалавек рознабаковых талентаў, у 1926-м Пілецкі прыняў на сябе распараджэнне бацькоўскім маёнткам Сукурча, які аднавіў, запачаткаваўшы вытворчасць насення канюшыны.

Тым часам Вітольд Пілецкі пазнаёміўся з Марыяй Астроўскай, маладой настаўніцай усеагульнай школы з суседняй вёскі Крупа. Яны ажаніліся ды пасяліліся ў Сукурчах, дзе ў 1932 годзе ў маладых нарадзіўся сын Анджэй, а яшчэ праз год — дачка Зоф’я.

1932 г. Вітольд і Марыя Пілецкія з першынцам Анджэем

1932 г. Вітольд і Марыя Пілецкія з першынцам Анджэем

Акрамя працы ў сваім маёнтку Вітольд Пілецкі браў чынны ўдзел у грамадскай дзейнасці. Быў начальнікам Добраахвотнай пажарнай дружыны, старшынёй малочнага завода, масла з якога прадавалася аж у Вільні. Разам з мясцовымі земляробамі стварыў аграрны гурток, пры неабходнасці дапамагаючы людзям. Арганізаваў у лідскім павеце конную дапрызыўную падрыхтоўку “Кракусаў”.

У 1937-м за грамадскі ўнёсак Пілецкі атрымаў Срэбны Крыж Заслугі.

Акрамя шматлікіх заняткаў Вітольд таксама знаходзіў час на напісанне вершаў і карцін, некаторыя з якіх дайшлі да нашага часу.

І зноў вайна

У сярэдзіне 1939 года ў Польшчы пачалася мабілізацыя войска на выпадак вайны з Германіяй. Вітольд Пілецкі даведаўся пра гэта адным з першых, аганізаваўшы мабілізацыйны пункт кавалерыі 19 пяхотнай дывізіі у вёсцы Крупа.

Падпаручнік Пілецкі на чале эскадрона лідскіх уланаў

Падпаручнік Пілецкі на чале эскадрона лідскіх уланаў

1 верасня пачалася Другая сусветная вайна. У пачатковы тыдзень ваенных дзеянняў эскадрон лідскіх уланаў, якім камандаваў падпаручнік Пілецкі, быў разбіты немцамі ў час цяжкіх баёў пад Вальбожам. Разбітыя жаўнеры далучыліся да 41 пяхотнай дывізіі, якая нанова фармавалася недалёка ад Уладавы. Вітольд быў прызначаны намеснікам маёра Яна Уладаркевіча — камандуючага дывізійнай кавалерыі. Пасля ўпартых змаганняў, 22 верасня дывізія была разбіта. Аднак Вітольд Пілецкі не склаў зброю, а разам са сваімі ўланамі, як партызанскі атрад, вёў барацьбу аж да 17 кастрычніка. Па іроніі лёсу, у гэты дзень Чырвоная армія ступіла на тэрыторыю Польшчы, распачаўшы працэс далучэння земляў Заходняй Беларусі і Ўкраіны.

Пакуль Вітольд Пілецкі вёў барацьбу з нямецкімі войскамі, яго сям’я ў Сукурчах апынулася пад савецкай акупацыяй. Ратуючыся ад НКВД, Марыя Пілецка разам з дзецьмі хавалася сярод месцічаў ды шукала спосаб перайсці нямецка-савецкую мяжу, каб трапіць да бацькоў. Удалося гэта толькі ў красавіку 1940 года.

Дарога ў “пекла”

Трапіўшы ў акупаваную немцамі Варшаву, падпаручнік Пілецкі наладзіў сувязь з маёрам Янам Уладаркевічам, разам з якім яны ўтварылі вайсковую падпольную арганізацыю Сакрэтная Польская Армія (СПА), паставіўшы за мэту — незалежнасць Польшчы.

У Варшаве Вітольд Пілецкі скрываўся пад фальшывым прозвішчам паручніка запасу Томаша Серафінскага.

Арышты сярод жаўнераў Сакрэтнай Польскай Арміі, зняволенне ўсё большай колькасці людзей у створаным гітлераўцамі канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме і злая слава пра гэтае месца схілілі камандаванне СПА да разведвальнай аперацыі на тэрыторыі лагера.

Вітольд Пілецкі ахвотна прапанаваў сваю кандыдатуру для выканання гэтай задачы і 19 верасня 1940 года атрымаў асабісты нумар 4859.

Ужо з першых хвілін пасля выхаду з поезда ён адчуў, што трапіў у “пекла на зямлі”…

Страница из немецкого паспорта

Страница из немецкого паспорта

Першае паведамленне з Асвенцыму, у якім апісваліся ўмовы існавання вязняў у лагеры, Пілецкі прыслаў у Варшаву ў кастрычніку 1940-га. Далей — болей. Ён арганізаваў у лагеры падпольны Саюз вайсковай арганізацыі, мэтай якога было аб’яднанне высілкаў ўсіх падпольных груп. З часам структура займела сваіх людзей ва ўсіх камандах лагера. Рапарты з Асвенцыма паспяхова перадаваліся ў галоўную камендатуру Арміі Краёвай.

Вясной 1943-га лагернае Гестапа пачало арышты сярод падпольшчыкаў. Ратуючыся ад карнікаў, у ноч з 26 на 27 красавіка 1943 Пілецкі разам з двума паплечнікамі ўцякаюць з дратаванага пекла. Каб дабрацца да Варшавы, Пілецкаму спатрэбілася чатыры месяцы. За геройскую дзейнасць у Асвенцыме камандаванне Арміі Краёвай павысіла яго да звання ротмістра кавалерыі (званне капітана ў пяхоце) са старшынством.

У падполлі

У сталіцы наш герой актыўна далучыўся да падпольнай працы, узяўшы сабе імя Раман Язерскі. У часе аднаго з спатканняў з жонкай і дзецьмі ён прамовіў свой жыццёвы дэвіз: “Любіце родную зямлю. Любіце сваю святую веру і традыцыі свайго народа. Станьце людзьмі гонару, заўсёды вернымі сваім вышэйшым каштоўнасцям, якім трэба служыць усім сваім жыццём”.

На свабодзе Пілецкі вельмі цікавіўся тым, што адбываецца ў Асвенцыме. Ён распрацаваў план атакі на канцлагер, але кіраўніцтва Арміі Краёвай яго адхіліла.

У сувязі з непазбежным набліжэннем змены акупацыі польскіх зямель з нямецкай на савецкую кіраўніцтва Арміі Краёвай пачало падрыхтоўку да стварэння новай падпольнай арганізацыі пад назвай “НЕ” (“Незалежнасць”). Гэта была кадравая вайсковая арганізацыя, мэтай якой быў працяг барацьбы за незалежнасць Польшчы пасля захопу яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй. Арганізацыйнай працай займаўся таксама і ротмістр Вітольд Пілецкі. Аднак гэтую дзейнасць прыпыніў выбух Варшаўскага паўстання.

Пілецкі адразу кінуўся ў вір баявых дзеянняў. Спачатку змагаўся шараговым жаўнерам згуртавання “Храбры ІІ”, аднак з часам раскрыў сваё званне і стаў намеснікам, а пасля камандуючым 2-ой роты І батальёна. Раён Варшавы, які абаранялі Пілецкі з байцамі, атрымаў назву “Рэдут Вітольда” — немцы яго так ніколі і не заваявалі.

Пасля задушэння паўстання Вітольд Пілецкі разам з жаўнерамі “Храбры ІІ” трапіў у лагер у Ажарове, адкуль яго перавезлі ў лагер ваеннапалонных у Ламсдорфе, а пасля – у афлаг у Мурнаў.

Пасля вызвалення лагера амерыканцамі ў 1945-м ротмістр Пілецкі далучыўся да ІІ Польскага корпуса ў Італіі, дзе пазнаёміўся з легендарным генералам Андэрсам. Вітольда рыхтавалі да перакіду ў занятую савецкімі войскамі Польшчу з мэтай наладжвання там разведвальнай сеткі. 22 кастрычніка 1945 ён сапраўды вяртаецца на радзіму пад імем Раман Язерскі.

“Асвенцым – гэта была забаўка”

Працуючы ва ўмовах савецкай акупацыі і ўсталявання ў Польшчы камуністычнай прамаскоўскай улады, Пілецкі стварыў уласную сетку супрацоўнікаў і інфарматараў, якіх набіраў з былых жаўнераў Сакрэтнай Польскай Арміі і з асвенцымскага падполля. Яны здабывалі сакрэтную інфармацыю пра дзейнасць НКВД і Урад бяспекі, нарастаючы тэрор, дзейнасць падпольнага ўзброенага нацыянальна-вызвольнага руху, фальсіфікацыю выбараў, пра гаспадарчае супрацоўніцтва Польшчы і СССР. Усе рапарты накіроўваліся ў штаб ІІ Польскага Корпуса ў Італіі.

У чэрвені 1946-га Вітольд атрымаў загад ад генерала Андэрса неадкладна выехаць на Захад праз пагрозу арышту. Аднак пакідаць радзіму ён адмовіўся. Па-першае, не было пераемніка, якому можна было б перадаць пачатую ім дзейнасць. А па-другое, ад’езд азначаў раставанне з сям’ёй.

8 траўня 1947 ротмістр Вітольд Пілецкі быў арыштаваны службоўцамі Урада бяспекі. Следствам па ягонай справе кіраваў асабіста дырэктар Следчага дэпартамента Міністэрства грамадскай бяспекі палкоўнік Юзаф Ружанскі. Пасля допытаў і катаванняў Пілецкі прызнаўся ў часе сустрэчы з жонкай: “Асвенцым – гэта была забаўка”.

Вітольд Пілецкі (злева ў першым шэрагу) з паплечнікамі на лаве падсудных

Вітольд Пілецкі (злева ў першым шэрагу) з паплечнікамі на лаве падсудных

Пачаты 3 сакавіка 1948 года працэс над Вітольдам Пілецкім і яго таварышамі Марыяй Шэлягоўскай, Тадэвушам Плужаньскім, Шымонам Ямонт-Кшывіцкім, Максіміліянам Кауцкім, Ежы Навакоўскім, Вітольдам Ружыцкім і Макарыям Серадскім у вайсковым судзе Варшавы трываў каля двух тыдняў. Даючы паказанні, Пілецкі адкінуў абвінавачванне ў шпіянажы, заявіўшы: “Я не быў рэзідэнтам, а толькі польскім жаўнерам. Я адно выконваў загады аж да моманту майго арышту”.

Нягледзячы на гэта, суд прыгаварыў Вітольда Пілецкага, Марыю Шэлягоўску і Тадэвуша Плужаньскага да смяротнага пакарання. Першы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Баляслаў Берут, імем якога названа адна з мінскіх вуліц, у памілаванні адмовіў.

Пілецкі на судзе: "Я не быў рэзідэнтам, адно польскім жаўнерам"

Пілецкі на судзе: "Я не быў рэзідэнтам, адно польскім жаўнерам"

25 траўня 19468 года прысуд быў ажыццёўлены. Месца пахавання Вітольда Пілецкага засталося нявысветленым.

Жыццё пасля смерці

Пасля дэмакратычных ператварэнняў у Польшчы напрыканцы 1980-х у многіх гарадах з’явіліся школы, вуліцы, скверы, названыя імем гэтага незвычайнага чалавека. На сценах шматлікіх свяцілішчаў і касцёлаў былі адкрыты мемарыяльныя дошкі, што ўвекавечваюць памяць “дабраахвотніка ў Асвенцым”.

Вітольд Пілецкі

Вітольд Пілецкі

У лістападзе 1988 года Вітольд Пілецкі быў пасмяротна ўзнагароджаны Асвенцымскім Крыжом, а ў верасні 1990 — Варшаўскім Паўстанцкім крыжам. Нарэшце, 1 кастрычніка 1990 Вайсковая Палата Вышэйшага Суда ў Варшаве цалкам апраўдала ротмістра Пілецкага, ануляваўшы злачынны прысуд 1948 года.

11 студзеня 1995 прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса пасмяротна адзначыў “дабраахвотніка ў Асвенцым” Камандорскім крыжом Ордэна Адраджэння Польшчы. Вядомы англійскі гісторык Майкл Фут у кнізе “Six Faces of Courage” (2003) уключыў нашага героя ў лік шасці самых адважных людзей, якія змагаліся ў руху Супраціву падчас Другой сусветнай вайны. У ліпені 2006 прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі пасмяротна адзначыў яго Ордэнам Белага арла — найвышэйшай узнагародай Польшчы.

На жаль, двор Пілецкіх у Сукурчах за савецкім часам быў цалкам знішчаны. Аднак памяць пра пана Вітольда жыве не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. На сценах касцёла ў Крупаве каля Ліды вісяць два намаляваныя героем абразы з выявамі святога Антонія і Божай Маці Нястомнай Дапамогі, падораныя храму ў 1930 годзе.

//news.tut.by


Обсуждение


  • ...

    прохожий 28 июня 2011 в 16:46

    судьба человка...... а вот отец моего дядьки прошел после 39 года сибирь, потом иран, андерса армию и погиб только под Монте-кассино.. а если бы выжил - в шпионы вряд ли записался -обычный солдат, не офицер.. вот почему НКВД офицеров польских в расход пустило - знали какой гонор у польских кадровых военных


  • ...

    krzysiek 1 февраля 2013 в 23:52

    Не магу знайсці Сукурча на карце (Карты Google) Калі б хтосьці хочаце дапамагчы мне, калі ласка- дзякуй за спасылку ! Sukurcze - nie mogę znaleźć na mapie (Mapy Google) Gdyby ktoś zechciał pomóc, jeśli łaska - z góry dziękuję za link !


    • ...

      dinoeL 2 февраля 2013 в 14:24

      Отправил метку с googlemaps вам на e-mail указанный в комментарии.


      • ...

        знающий 2 февраля 2013 в 12:59

        to krzysiek. 2 км южнее д. Крупово на р. Крупке.


      • ...

        Алесь 21 апреля 2014 в 19:39

        Было бы за шчасце калі бы адгукнуліся сваякі Вітольда, бо я з Крупава. Збіраю звесткі пра Сукурчы і пра дзейнасць яго сям'і. Ведаю, што спадар Андрэй Пілецкі, які нарадзіўся ў Крупе (Крупаве)жыве дзесьці ў Польшы. Трэба паспець занатаваць усё што можна каб нашчадкі хоць што ведалі пра гісторыю свайго краю.


      Оставить комментарий

      Все поля обязательны для заполнения.

      Вы можете использовать HTML теги:
      <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>